Нацыянальны сход Рэспублiкi Беларусь
Палата прадстаўнiкоў
ПОШУК:  
Знайсцi
РУССКИЙ ENGLISH    
ПРЭС-СЛУЖБА | МЕРАПРЫЕМСТВЫ | СПАСЫЛКI | КАРТА САЙТА | КАНТАКТ
Галоўная
Палата прадстаўнiкоў
Дакументы, якія рэгламентуюць дзейнасць Палаты прадстаўнікоў
Дэпутацкi корпус
Структура органаў
Заканадаўчая дзейнасць
Міжнароднае супрацоўніцтва
Ажыццяўленне кантрольных паўнамоцтваў
Работа са зваротамі грамадзян, у тым ліку індывідуальных прадпрымальнікаў, і юрыдычных асоб
Работа ў выбарчых акругах
Архiў


Палата прадстаўнiкоў

Гісторыя парламентарызму ў Беларусі
Парадак стварэння Палаты прадстаўнікоў



ГІСТОРЫЯ ПАРЛАМЕНТАРЫЗМУ Ў БЕЛАРУСІ

Парламентарызм — сістэма арганізацыі і функцыянавання вярхоўнай дзяржаўнай улады пры наяўнасці выбарнага заканадаўчага органа — парламента, якая характарызуецца раздзяленнем заканадаўчай і выканаўчай функцый.

 

Парламентарызм у Рэспубліцы Беларусь прайшоў у сваім развіцці шэраг этапаў, звязаных, па-першае, са статусам рэспублікі як суб’екта федэрацыі ў складзе СССР і як суверэннай дэмакратычнай дзяржавы; па-другое, з неаднаразовым прыняццем канстытуцый, у якіх па-рознаму вызначалася роля прадстаўнічага і заканадаўчага органа краіны. Зыходзячы з вышэйпададзенага, можна вылучыць наступныя этапы развіцця парламентарызму ў Беларусі.

 

I этап — савецкі (1919 год — канец 80-х — пачатак 90-х гадоў)

 

Першая Канстытуцыя Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусі (ССРБ) была прынята на I з’ездзе Саветаў Беларусі 3 лютага 1919 года. Яе змест быў пранізаны ідэяй дыктатуры пралетарыяту, якая і была непасрэдна замацавана ў Канстытуцыі. У палажэннях Канстытуцыі развіваліся ідэі прадстаўнічай дэмакратыі і, у прыватнасці, было абвешчана: «Уся ўлада ў граніцах Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусі належыць усяму рабочаму насельніцтву краіны, аб’яднанаму ў гарадскіх і сельскіх Саветах»; «Вярхоўная ўлада ў Сацыялістычнай Савецкай Рэспубліцы Беларусі належыць З’езду Саветаў Беларусі, а ў перыяд паміж з’ездамі — Цэнтральнаму Выканаўчаму Камітэту». У Канстытуцыі не раскрывалася кампетэнцыя З’езда Саветаў Беларусі, за выключэннем таго, што З’езд выбірае ЦВК «у колькасці не больш за 50 чалавек».

 

Менавіта З’езд Саветаў у перыяд сваёй работы з’яўляўся вышэйшым прадстаўнічым і праватворчым органам. З’езд павінен быў склікацца не радзей чым два разы ў год.

 

Прадугледжвалася таксама магчымасць склікання надзвычайных з’ездаў Саветаў. У перыяд паміж з’ездамі вышэйшай уладай рэспублікі з’яўляўся ЦВК Беларусі як вышэйшы заканадаўчы, распарадчы і кантралюючы орган.

 

Другая Канстытуцыя Беларускай Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі была прынята 11 красавіка 1927 года VIII Усебеларускім з’ездам Саветаў. Да гэтага часу быў утвораны СССР (30 снежня 1922 года), у 1924 годзе прынята Канстытуцыя СССР, якая з’явілася асновай для прыняцця рэспублікамі, якія ўвайшлі ў яго склад, сваіх асноўных законаў.

 

Найважнейшымі новаўвядзеннямі Канстытуцыі 1927 года з’яўляліся вызначэнне межаў і магчымасцей заканатворчай дзейнасці вышэйшых і цэнтральных органаў дзяржаўнай улады Беларусі ў суадносінах з паўнамоцтвамі аналагічных органаў СССР, значна болей падрабязная рэгламентацыя іх статусу і дзейнасці. У Канстытуцыі замацоўваліся канкрэтныя сферы кампетэнцыі вярхоўных і цэнтральных органаў БССР. Да ліку вярхоўных органаў улады былі аднесены З’езд Саветаў БССР і ЦВК. Чарговыя З’езды Саветаў БССР павінны былі склікацца ЦВК адзін раз у год. Устанаўлівася, што ЦВК адказны перад З’ездам Саветаў БССР. Па Канстытуцыі З’езд Саветаў БССР хоць і атрымаў вызначэнне вярхоўнага органа ўлады, але не меў права вяршэнства па ўсіх пытаннях праватворчасці. ЦВК БССР з’яўляўся заканатворчым органам па шырокім коле пытанняў.

 

Цэнтральныя органы ўлады рэспублікі — Прэзідыум ЦВК і Савет Народных Камісараў таксама надзяляліся кампетэнцыяй у сферы заканатворчай дзейнасці. Прэзідыум ЦВК у перыяд паміж сесіямі ЦВК з’яўляўся «вышэйшым заканадаўчым, распарадчым і кантралюючым органам улады Беларускай Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі». СНК як цэнтральны пастаянна дзеючы орган улады з’яўляўся заканадаўча-распарадчым органам БССР.

 

Важнае значэнне для развіцця парламентарызму мела Канстытуцыя БССР 1937 года (прынята 19 лютага 1937 года).

 

Новая Канстытуцыя БССР поўнасцю адпавядала Канстытуцыі СССР 1936 года. У ёй абвяшчалася, што ўся ўлада ў БССР належыць працоўным горада і вёскі ў асобе Саветаў дэпутатаў працоўных, але ўсе найбольш важныя пытанні дзяржаўнага жыцця былі аднесены да кампетэнцыі СССР. Вышэйшым органам дзяржаўнай улады рэспублікі ўпершыню абвяшчаўся Вярхоўны Савет, які выбіраў Прэзідыум і ствараў урад — СНК БССР. Істотным чынам была зменена выбарчая сістэма. Абвяшчалася, што выбары дэпутатаў ва ўсе Саветы дэпутатаў працоўных (Вярхоўны Савет БССР, акруговыя, раённыя Саветы дэпутатаў і г.д.) ажыццяўляюцца на аснове ўсеагульнага, роўнага і прамога выбарчага права пры тайным галасаванні. Арганізацыя вышэйшых органаў дзяржаўнай улады зазнала значныя змяненні. Спыніла існаванне сістэма з’ездаў Саветаў. Заканадаўчая ўлада стала належаць выключна Вярхоўнаму Савету БССР. Вярхоўны Савет працаваў у сесіённым парадку і, такім чынам, не з’яўляўся пастаянна дзеючым органам. Чарговыя сесіі склікаліся два разы ў год. Пастаянна дзеючым вышэйшым органам дзяржаўнай улады з’яўляўся Прэзідыум Вярхоўнага Савета.

 

У выпадку неабходнасці ў перыяд паміж сесіямі Вярхоўнага Савета яго Прэзідыум мог унесці змяненні ў дзеючае заканадаўства з наступным зацвярджэннем на чарговай сесіі Вярхоўнага Савета. Упершыню было праведзена размежаванне паміж органамі дзяржаўнай улады і цэнтральнымі органамі дзяржаўнага кіравання.

 

Аднак варта адзначыць, што элементы парламентарызацыі заставаліся ілюзорнымі. Заканадаўнічаў фактычна кіруючы орган Камуністычнай партыі. На з’ездах Саветаў дырэктывам партыйных органаў толькі надаваліся юрыдычна прынятыя формы.

 

Рэгламент прадстаўнічай установы, як правіла часовы, утрымліваў у сабе пэўную суму самых элементарных правіл правядзення пасяджэнняў без якіх-небудзь спроб выхаду на якасна адметныя парламенцкія формы работы. У Канстытуцыі БССР 1978 года ранейшай засталася сістэма органаў дзяржаўнай улады і кіравання. Вышэйшымі органамі дзяржаўнай улады і кіравання па-ранейшаму былі Вярхоўны Савет, які функцыянуе ў сесіённым парадку, і Прэзідыум Вярхоўнага Савета — пастаянна дзеючы орган прадстаўнічай улады. Вярхоўны Савет БССР як вышэйшы орган дзяржаўнай улады БССР стаў «правамоцны вырашаць усе пытанні, аднесеныя Канстытуцыяй СССР і гэтай Канстытуцыяй у распараджэнне Беларускай ССР», была вызначана выключная кампетэнцыя Вярхоўнага Савета. Такім чынам, Асноўны Закон 1978 года аддаваў прыярытэт Вярхоўнаму Савету над усімі астатнімі органамі, якія адносяцца да іншых галін улады.

 

Канстытуцыя 1978 года ў 90-я гады ператваралася ў архаічны дакумент. Гэта ў рашаючай меры абумоўлівалася тым, што ў канцы 80-х — пачатку 90-х гадоў у грамадскай свядомасці ўстала праблема здабывання рэспублікамі былога СССР дзяржаўнага суверэнітэту, ліквідацыі манаполіі адной партыі на ўладу, зацвярджэння палітычнага і эканамічнага плюралізму.

 

II этап — постсавецкі (1991 год — цяперашні час)

 

Змяненні ў Канстытуцыі 1978 года былі накіраваны на забеспячэнне падзелу ўлады, прынцыпаў фарміравання прававой дзяржавы і суверэнітэту Беларусі.

 

27 ліпеня 1990 года была прынята Дэкларацыя Вярхоўнага Савета «Аб дзяржаўным суверэнітэце Рэспублікі Беларусь». Дэкларацыя абвясціла «поўны дзяржаўны суверэнітэт Рэспублікі Беларусь як вяршэнства, самастойнасць і паўнату дзяржаўнай улады рэспублікі ў межах яе тэрыторыі, правамоцнасць яе законаў, незалежнасць рэспублікі ў знешніх стасунках».

 

Дэкларацыя стымулявала прыняцце шэрагу новых заканадаўчых актаў Рэспублікі Беларусь. Многія яе ідэі былі ўключаны ў праекты нарматыўных прававых актаў (напрыклад, 27 лютага 1991 года быў прыняты Закон «Аб асноўных прынцыпах народаўладдзя ў Рэспубліцы Беларусь»).

 

У далейшым, 25 жніўня 1991 года, Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце спецыяльным законам быў нададзены статус канстытуцыйнага закона, на падставе якога былі ўнесены змяненні і дапаўненні ў Канстытуцыю 1978 года.

 

У такіх прававых і палітычных умовах вялася распрацоўка новай Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, якая была прынята 15 сакавіка 1994 года. Згодна з Канстытуцыяй 1994 года вышэйшым прадстаўнічым пастаянна дзеючым і адзіным заканадаўчым органам дзяржаўнай улады ў Рэспубліцы Беларусь з’яўляўся Вярхоўны Савет. Ён складаўся з 260 дэпутатаў, якія выбіраліся тэрмінам на пяць гадоў.

 

У артыкуле 6 Канстытуцыі быў замацаваны падзел ўлады ў дзяржаве на заканадаўчую, выканаўчую і судовую. Дзяржаўныя органы ў межах сваіх паўнамоцтваў самастойныя: яны ўзаемадзейнічаюць паміж сабой, стрымліваюць і ўраўнаважваюць адзін аднаго.

 

Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь 1994 года замацоўвала за вышэйшым прадстаўнічым органам права прымаць законы, прымаць і змяняць Канстытуцыю.

 

Неабходнасць канстытуцыйнай рэформы ў 1996 годзе абумоўлівалася аб’ектыўнымі фактарамі. У Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь у рэдакцыі 1994 года першапачаткова быў закладзены дысбаланс функцый і паўнамоцтваў Вярхоўнага Савета і выканаўчай улады, якая ўзначальваецца Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь. Насуперак асноватворнаму прынцыпу падзелу ўлады, які зыходзіць з патрабавання роўнасці галін улады і іх самастойнасці, Вярхоўны Савет разглядаўся ў якасці органа, які стаіць над уладай выканаўчай.

 

Такім чынам, Вярхоўны Савет дамінаваў над дзвюма другімі галінамі ўлады. Ён выступаў не толькі ў якасці адной з галін улады, але і па ўласным меркаванні мог ставіць, вызначаць і змяняць паўнамоцтвы ўсіх іншых органаў. Маючы права ўносіць любыя змяненні ў Канстытуцыю і законы, прызнаваць законы страціўшымі сілу, Вярхоўны Савет фактычна меў неабмежаваную магчымасць прыняцця рашэнняў па любым пытанні.

 

Таму не выпадкова найбольш істотныя змяненні ў новай рэдакцыі Канстытуцыі зазнаў раздзел IV, прысвечаны арганізацыі і дзейнасці вышэйшых органаў дзяржавы — Прэзідэнта, Парламента, Урада і судоў.

 

Адбыліся пераразмеркаванне паўнамоцтваў паміж названымі органамі, іх удакладненне.

 

Канстытуцыйная рэформа 1996 года выявілася ва ўстанаўленні збалансаваных паўнамоцтваў галін улады, ускладанні на Прэзідэнта функцый Кіраўніка дзяржавы, гаранта Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, правоў і свабод чалавека і грамадзяніна, у заснаванні двухпалатнага Парламента (Палаты прадстаўнікоў і Савета Рэспублікі), у павышэнні ролі Урада — Савета Міністраў у сістэме галін улады і ўзмацненні яго адказнасці за стан і развіццё эканомікі, сацыяльна-культурнай і адміністрацыйна-палітычнай сфер дзейнасці.

 

У выніку ўнясення ў Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь змяненняў і дапаўненняў заканадаўчая ўлада больш не знаходзіцца ў прывілеяваным становішчы. Парламент набыў назву, якая азначае канчатковую адмову ад савецкай мадэлі вышэйшага органа дзяржаўнай улады, і больш дасканалую структуру, якая адпавядае агульнапрынятым стандартам парламентарызму. Прадстаўнічы і заканадаўчы орган Рэспублікі Беларусь па Канстытуцыі ў рэдакцыі 1996 года называецца Парламентам — Нацыянальным сходам Рэспублікі Беларусь. Ён складаецца з двюх палат — Палаты прадстаўнікоў і Савета Рэспублікі (артыкул 90). У Канстытуцыі замацаваны прынцып самаарганізацыі палат Нацыянальнага сходу. Кожная палата самастойна ўстанаўлівае свой парадак работы ў рэгламенце (артыкул 105). Палаты Нацыянальнага сходу засядаюць асобна, за выключэннем вызначаных выпадкаў правядзення сумесных пасяджэнняў. Агульны орган палат адсутнічае. Адзіным часовым сумесным органам дзвюх палат можа быць пагаджальная камісія, якая фарміруецца імі на парытэтнай аснове для пераадолення рознагалоссяў паміж палатамі па законапраекце, адхіленым Саветам Рэспублікі (частка чацвёртая артыкула 100).

 

Палата прадстаўнікоў прадстаўляе інтарэсы ўсіх грамадзян Рэспублікі Беларусь, яна заканадаўнічае па коле пытанняў, пералічаных у артыкуле 97 Канстытуцыі.

 

Савет Рэспублікі з’яўляецца палатай тэрытарыяльнага прадстаўніцтва і ажыццяўляе нароўні з заканадаўчай функцыяй шэраг іншых паўнамоцтваў, пералік якіх утрымліваецца ў артыкуле 98 Канстытуцыі. Дзейнасць Савета Рэспублікі накіравана на забеспячэнне прыняцця болей якасных, дакладна прапрацаваных законаў.

 

Прыняцце Канстытуцыі ў рэдакцыі 1996 года стварыла прававую аснову для дынамічнага развіцця грамадства і дзяржавы, эфектыўнай работы кожнай з галін улады (заканадаўчай, выканаўчай і судовай). Сёння можна з упэўненасцю сказаць, што Парламент Рэспублікі Беларусь сфарміраваўся як сталы заканадаўчы і прадстаўнічы орган, які заняў належнае месца ў канстытуцыйным механізме нашай дзяржавы.

 

 

Заканадаўчая дзейнасць

 

Нацыянальным сходам Рэспублікі Беларусь створана якасна новая сістэма заканадаўства, прагрэсіўная па сваёй сутнасці, якая адпавядае сучасным патрэбнасцям асобы, грамадства і дзяржавы, здольная забяспечыць рашэнне стратэгічных задач, што стаяць перад краінай. Нацыянальным сходам Рэспублікі Беларусь прыняты 1693 законы, у тым ліку 26 кодэксаў.

 

Важную ролю ў развіцці канстытуцыйнага заканадаўства адыграла прыняцце праграмнага Закона «Аб зацвярджэнні Асноўных напрамкаў унутранай і знешняй палітыкі Рэспублікі Беларусь», якое акрэсліла стратэгію развіцця дзяржавы на перспектыву. Сярод актаў, якія рэгламентуюць дзейнасць вышэйшых дзяржаўных органаў, а таксама органаў выканаўчай улады, варта адзначыць законы «Аб Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь», «Аб Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь», «Аб пракуратуры Рэспублікі Беларусь».

 

З прыняццем законаў «Аб Нацыянальным сходзе Рэспублікі Беларусь» і «Аб статусе дэпутата Палаты прадстаўнікоў, члена Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь» завершана фарміраванне прававых асноў дзейнасці беларускага Парламента.

 

Новы Закон «Аб мясцовым кіраванні і самакіраванні ў Рэспубліцы Беларусь» дазволіў аптымізаваць кампетэнцыю мясцовых органаў улады, умацаваць прававы статус органаў тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання, павысіць іх ролю ў жыцці рэгіёнаў.

 

Удасканалена нарматыўна-прававая база судовай улады. Унесены змяненні ў Закон «Аб Канстытуцыйным Судзе Рэспублікі Беларусь». Кодэксам аб судаўладкаванні і статусе суддзяў сістэматызавана заканадаўства ў гэтай сферы, вызначаны структура судовай сістэмы, задачы і прынцыпы дзейнасці ўсіх яе звёнаў, парадак фарміравання і кампетэнцыя судоў розных узроўняў і спецыялізацыі, статус суддзяў. Адкарэктаваны асновы гаспадарчага судаводства, пашырана практыка вырашэння спрэчных сітуацый у дасудовым парадку, а таксама з выкарыстаннем спрошчаных і прымірэнчых працэдур, замацаваны статус трацейскіх судоў. З прыняццем Закона «Аб натарыяце і натарыяльнай дзейнасці» сфарміраваны прававыя асновы дзейнасці натарыяту.

 

Вялікае значэнне для развіцця дэмакратычных асноў беларускай дзяржаўнасці і структур грамадзянскай супольнасці маюць законы «Аб парадку рэалізацыі права заканадаўчай ініцыятывы грамадзянамі Рэспублікі Беларусь», «Аб рэспубліканскіх дзяржаўна-грамадскіх аб’яднаннях», «Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь», «Аб рэспубліканскіх і мясцовых сходах», «Аб палітычных партыях» і «Аб грамадскіх аб’яднаннях». У мэтах сістэматызацыі выбарчага права і прывядзення яго ў адпаведнасць з сучасным узроўнем развіцця грамадска-палітычных інстытутаў прыняты Выбарчы кодэкс.

 

Парламентарыі шмат увагі ўдзяляюць рабоце па дэбюракратызацыі дзейнасці дзяржаўных органаў. Прававое поле для рашэння гэтай праблемы створана законамі «Аб асновах адміністрацыйных працэдур», «Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб» і «Аб электронным дакуменце і электронным лічбавым подпісе».

 

Важную ролю ў рэалізацыі стратэгіі сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны адыгрывае правядзенне эфектыўнай бюджэтнай палітыкі. Прыняцце законаў аб рэспубліканскім бюджэце на чарговы фінансавы год, а таксама законаў аб зацвярджэнні справаздачы аб выкананні рэспубліканскага бюджэту за справаздачны фінансавы год дазваляе забяспечваць падтрымку і мадэрнізацыю нацыянальнай эканомікі, ствараць умовы для яе інавацыйнага развіцця. Пры гэтым заўсёды строга вытрымліваецца сацыяльная накіраванасць бюджэту.

 

У сферы пастаяннай увагі парламентарыяў знаходзяцца пытанні стварэння аптымальных умоў для ажыццяўлення гаспадарчай дзейнасці, забеспячэння судовай абароны правоў і законных інтарэсаў суб’ектаў гаспадарання. Найбольш значнымі ў гэтай галіне з’яўляюцца Грамадзянскі, Грамадзянскі працэсуальны і Гаспадарчы працэсуальны кодэксы, а таксама законы «Аб дзяржаўнай рэгістрацыі нерухомай маёмасці, правоў на яе і здзелак з ёй», «Аб эканамічнай неплацежаздольнасці (банкруцтве)».

 

Стварэнню спрыяльных умоў для прадпрымальніцкай дзейнасці дапамагаюць законы «Аб гаспадарчых таварыствах», «Аб процідзеянні манапалістычнай дзейнасці і развіцці канкурэнцыі», «Аб цэнаўтварэнні», «Аб таварных біржах», «Аб натуральных манаполіях», «Аб сялянскай (фермерскай) гаспадарцы». Законамі «Аб падтрымцы малога і сярэдняга прадпрымальніцтва» і «Аб дзяржаўных закупках тавараў (работ, паслуг)» створаны прававыя перадумовы для ажыўлення дзелавой актыўнасці, павышэння ролі гэтага сектара ў структуры нацыянальнай эканомікі.

 

Удасканалена прававое рэгуляванне адносін у галіне прыватызацыі дзяржаўнай маёмасці. У мэтах забеспячэння абароны дзяржаўных інтарэсаў заканадаўча вызначаны аб’екты, якія знаходзяцца толькі ва ўласнасці дзяржавы, а таксама віды дзейнасці, на ажыццяўленне якіх распаўсюджваецца выключнае права дзяржавы.

 

Значным фактарам эканамічнага росту рэспублікі з’яўляецца заканадаўчае забеспячэнне эфектыўнай фінансава-крэдытнай палітыкі. Найважнейшымі тут сталі Падатковы, Банкаўскі і Інвестыцыйны кодэксы, законы «Аб фінансава-прамысловых групах», «Аб валютным рэгуляванні і валютным кантролі».

 

У мэтах паляпшэння інвестыцыйнага клімату, павышэння ўстойлівасці і эфектыўнасці работы банкаўскай сістэмы краіны скарэкціраваны Закон «Аб гарантаваным пакрыцці банкаўскіх укладаў (дэпазітаў) фізічных асоб». Стварэнню прававых асноў сістэмы доўгатэрміновага крэдытавання пад заклад нерухомай маёмасці, вызначэнню парадку работы з імяннымі каштоўнымі паперамі — закладнымі дапамагае Закон «Аб іпатэцы». На ўмацаванне плацежнай дысцыпліны і павышэнне зацікаўленасці фізічных і юрыдычных асоб у выкананні крэдытных абавязацельстваў накіраваны нормы Закона «Аб крэдытных гісторыях».

 

На новы ўзровень выйшла бюджэтнае заканадаўства. Прыняцце Бюджэтнага кодэкса дазволіла наблізіць бюджэтную класіфікацыю да патрабаванняў міжнародных стандартаў, замацаваць пастаянныя крыніцы даходаў і расходныя паўнамоцтвы за кожным узроўнем бюджэтнай сістэмы, забяспечыць пераход да механізма сярэднетэрміновага бюджэтнага планавання і паэтапнага ўкаранення праграмнага метаду фінансавання расходаў.

 

З прыняццем у 2009 годзе Асаблівай часткі Падатковага кодэкса завяршылася шматгадовая работа па кадыфікацыі падатковага заканадаўства.

 

Урэгуляваны адносіны ў канкрэтных галінах эканамічнай дзейнасці. Прыняты Паветраны кодэкс, кодэксы гандлёвага мараплаўства і ўнутранага воднага транспарту. Фарміраванню спрыяльнага канкурэнтнага асяроддзя дапамагаюць нормы законаў «Аб гандлі», «Аб рэкламе», «Аб турызме», «Аб асновах транспартнай дзейнасці», «Аб архітэктурнай, горадабудаўнічай і будаўнічай дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь», «Аб паштовай сувязі», «Аб электрасувязі», «Аб ветэрынарнай дзейнасці». Шэраг законаў накіраваны на забеспячэнне энергетычнай бяспекі.

 

На развіццё фундаментальнай і прыкладной навукі, стварэнне прававых умоў для пераводу эканомікі на інавацыйны шлях накіраваны законы «Аб Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі», «Аб навуковай дзейнасці», «Аб навукова-тэхнічнай інфармацыі», а таксама законы, якія рэгулююць навуковую, навукова-тэхнічную і інавацыйную дзейнасць. Сфарміраваны прававыя асновы развіцця інтэлектуальнай дзейнасці, павышэння зацікаўленасці вучоных і вынаходнікаў у выніках сваёй працы, узмоцнена абарона іх правоў.

 

У рэалізацыі ідэі сацыяльнай дзяржавы асаблівую ролю адыгрывае заканадаўства аб працы і занятасці насельніцтва, сацыяльнай абароне і сацыяльным страхаванні. Пытанні забеспячэння канстытуцыйнага права на працу ўрэгуляваны Працоўным кодэксам, законамі «Аб занятасці насельніцтва Рэспублікі Беларусь», «Аб знешняй працоўнай міграцыі». Прыняты меры па развіцці сістэмы сацыяльнага партнёрства, удасканальванні форм і метадаў узаемадзеяння прафсаюзаў з наймальнікамі і органамі дзяржаўнага кіравання.

 

Стварэнню належных умоў працы і захаванню жыцця і здароўя работнікаў служыць Закон «Аб ахове працы». Закон «Аб прафесійным пенсійным страхаванні» дазваляе сфарміраваць дастаткова гнуткую сістэму прафесійнага пенсійнага забеспячэння. Акрамя таго, прыняты шэраг законаў, у якіх замацаваны прававыя нормы, якія забяспечваюць рэалізацыю мер па папярэджанні інваліднасці. Уведзены нормы аб працоўнай рэабілітацыі інвалідаў, іх працоўнай і сацыяльнай адаптацыі, стварэнні для іх безбар’ернага асяроддзя.

 

Сярод найважнейшых пытанняў заканадаўства — пашырэнне пакета сацыяльных гарантый, якія даюцца дзяржавай. У гэтай сферы эфектыўна дзейнічаюць законы «Аб дзяржаўных мінімальных сацыяльных стандартах», «Аб сацыяльным абслугоўванні», «Аб пражытачным мінімуме ў Рэспубліцы Беларусь», «Аб індывідуальным (персаніфікаваным) уліку ў сістэме дзяржаўнага сацыяльнага страхавання», «Аб сацыяльнай абароне грамадзян, якія пацярпелі ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, іншых радыяцыйных аварый», «Аб ветэранах».

 

Важным напрамкам дзейнасці Парламента з’яўляецца стварэнне прававога механізма дзяржаўнай абароны і падтрымкі сям’і, паляпшэння дэмаграфічнай сітуацыі. Прыняты Закон «Аб дэмаграфічнай бяспецы Рэспублікі Беларусь». Прагрэсіўныя прынцыпы рэгулявання шлюбна-сямейных адносін пакладзены ў аснову Кодэкса аб шлюбе і сям’і.

 

Гарантыі сацыяльнай абароны сям’і і падтрымкі мацярынства замацаваны Законам «Аб дзяржаўных дапамогах сем’ям, якія выхоўваюць дзяцей». На асаблівым кантролі ў парламентарыяў і такія важныя пытанні, як барацьба з сацыяльным сіроцтвам і фарміраванне ў грамадзян адказнх адносін да выканання сваіх бацькоўскіх абавязкаў. На забеспячэнне ўсебаковай гарантаванай абароны дзяцінства накіраваны новая рэдакцыя Закона «Аб правах дзіцяці» і Закон «Аб гарантыях па сацыяльнай абароне дзяцей-сірот, дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, а таксама асоб з ліку дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў».

 

Курс дзяржавы на стварэнне ўмоў для інтэлектуальнага, духоўнага і фізічнага развіцця чалавека знайшоў сваё прававое выяўленне ў законах «Аб адукацыі», «Аб агульнай сярэдняй адукацыі», «Аб прафесіянальна-тэхнічнай адукацыі», «Аб вышэйшай адукацыі», «Аб адукацыі асоб з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця (спецыяльнай адукацыі)». Прыняцце на іх аснове Кодэкса аб адукацыі завяршыла фарміраванне цэласнай сістэмы нацыянальнага заканадаўства аб адукацыі. На павышэнне ролі моладзі ў жыцці грамадства накіраваны і Закон «Аб асновах дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі».

 

Важныя задачы па захаванні і павелічэнні культурнага патэнцыялу нацыі вырашаюцца ў законах аб культуры і аб бібліятэчнай справе (новыя рэдакцыі), а таксама ў законах «Аб музеях і Музейным фондзе Рэспублікі Беларусь», «Аб кінематаграфіі ў Рэспубліцы Беларусь», «Аб творчых саюзах і творчых работніках».

 

Захаванню матэрыяльнай і духоўнай спадчыны, традыцый беларускага народа дапамагаюць законы «Аб народным мастацтве, народных промыслах (рамёствах) у Рэспубліцы Беларусь» і «Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь».

 

Нязменнымі прыярытэтамі дзяржаўнай палітыкі з’яўляюцца захаванне здароўя нацыі, культываванне здаровага ладу жыцця. Дасягненні ў гэтай галіне замацаваны ў новых рэдакцыях законаў «Аб ахове здароўя» і «Аб фізічнай культуры і спорце». Развіццю сістэмы аховы здароўя дапамагаюць законы «Аб бяспецы генна-інжынернай дзейнасці», «Аб дапаможных рэпрадуктыўных тэхналогіях», «Аб лекавых сродках», «Аб трансплантацыі органаў і тканак чалавека», «Аб донарстве крыві і яе кампанентаў», «Аб аказанні псіхалагічнай дапамогі», «Аб папярэджанні распаўсюджвання захворванняў, якія ўяўляюць небяспеку для здароўя насельніцтва, віруса імунадэфіцыту чалавека» і «Аб санітарна-эпідэміялагічным дабрабыце насельніцтва».

 

Ахова навакольнага асяроддзя і рацыянальнае выкарыстанне прыродных рэсурсаў з’яўляюцца важнай умовай забеспячэння экалагічнай бяспекі, устойлівага эканамічнага развіцця, рэалізацыі канстытуцыйных правоў грамадзян на спрыяльнае для жыцця і здароўя навакольнае асяроддзе. У гэтай галіне заканадаўства эфектыўна працуюць Кодэкс аб нетрах, Кодэкс аб зямлі, Водны і Лясны кодэксы, а таксама законы «Аб ахове навакольнага асяроддзя», «Аб радыяцыйнай бяспецы насельніцтва», «Аб раслінным свеце», «Аб дзяржаўнай экалагічнай экспертызе», «Аб ахове азонавага слоя», «Аб гідраметэаралагічнай дзейнасці», «Аб пітным водазабеспячэнні», «Аб ахове атмасфернага паветра».

 

Неабходнай умовай устойлівага сацыяльна-эканамічнага развіцця, правядзення дэмакратычных пераўтварэнняў і лібералізацыі ўсіх бакоў жыцця грамадства з’яўляецца здольнасць дзяржавы забяспечваць законнасць і правапарадак. Гэты прынцып закладзены ў аснову заканадаўства аб органах унутраных спраў, аб органах дзяржаўнай бяспекі, аб пракуратуры, аб следчым камітэце, аб пенітэнцыярнай сістэме. На гэта накіраваны законы «Аб аператыўна-вышуковай дзейнасці», «Аб барацьбе з арганізаванай злачыннасцю», «Аб процідзеянні экстрэмізму», «Аб процідзеянні гандлю людзьмі», «Аб мерах па прадухіленні легалізацыі даходаў, атрыманых злачынным шляхам, і фінансавання тэрарыстычнай дзейнасці», «Аб барацьбе з карупцыяй», «Аб парадку і ўмовах зместу асоб пад вартай», «Аб міжнароднай прававой дапамозе па крымінальных справах». Пытанні крымінальнай адказнасці рэгулююцца Крымінальным, Крымінальна-працэсуальным і Крымінальна-выканаўчым кодэксамі.

 

У мэтах стварэння сістэмы папярэджання правапарушэнняў прыняты законы «Аб асновах сістэмы прафілактыкі безнагляднасці і правапарушэнняў непаўналетніх», «Аб асновах дзейнасці па прафілактыцы правапарушэнняў», «Аб наркатычных сродках, псіхатропных рэчывах, іх прэкурсорах і аналагах», «Аб удзеле грамадзян у ахове правапарадку».

 

Важным укладам у забеспячэнне нацыянальнай бяспекі стала прававое замацаванне фундаментальных прынцыпаў заканадаўства аб абароне. Яны сфармуляваны ў праграмным Законе «Аб зацвярджэнні Ваеннай дактрыны Рэспублікі Беларусь» і базавых законах «Аб абароне», «Аб Узброеных Сілах Рэспублікі Беларусь», «Аб Дзяржаўнай мяжы Рэспублікі Беларусь», «Аб ваенным становішчы», «Аб надзвычайным палажэнні». На забеспячэнне пэўнай абароны суверэнітэту дзяржавы і баяздольнасці Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь накіраваны законы «Аб мабілізацыйнай падрыхтоўцы і мабілізацыі», «Аб зброі», «Аб дзяржаўнай ахове», «Аб дзяржаўных сакрэтах», «Аб органах і падраздзяленнях па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь».

 

Прасоўванню нацыянальных інтарэсаў на міжнароднай арэне, развіццю ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва з іншымі дзяржавамі, абароне беларускіх грамадзян як на тэрыторыі краіны, так і за яе межамі дапамагаюць законы «Аб міжнародных дагаворах Рэспублікі Беларусь», «Аб мерах па абароне эканамічных інтарэсаў Рэспублікі Беларусь пры ажыццяўленні знешняга гандлю таварамі», «Аб дзяржаўным рэгуляванні знешнегандлёвай дзейнасці», «Аб грамадзянстве Рэспублікі Беларусь», «Аб прававым палажэнні замежных грамадзян і асоб без грамадзянства ў Рэспубліцы Беларусь», «Аб парадку выезду з Рэспублікі Беларусь і ўезду ў Рэспубліку Беларусь грамадзян Рэспублікі Беларусь».

 

Значным складнікам міжнароднай і міжпарламенцкай дзейнасці з’яўляецца фарміраванне дагаворнай базы. Прынята болей 650 законаў аб выказванні згоды Рэспублікі Беларусь на абавязковасць для яе міжнародных дагавораў. Асабліва важнымі з’яўляюцца пагадненні, накіраваныя на пашырэнне магчымасцей рэалізацыі грамадзянамі Беларусі сваіх сацыяльных правоў і ўдасканальванне сістэмы сацыяльнай абароны.

 

Ратыфікацыя шэрагу пагадненняў у рамках Саюзнай дзяржавы дазволіла гарантаваць роўныя правы грамадзянам Беларусі і Расіі ў галіне сацыяльнага забеспячэння, на атрыманне медыцынскай дапамогі, свабоду перамяшчэння, выбар месца знаходжання і жыхарства.

 

Парламентарыямі ўнесены значны ўклад у фарміраванне Мытнага саюза Беларусі, Казахстана і Расіі. Ратыфікавана больш за 50 пагадненняў, у тым ліку Дагавор аб Мытным кодэксе Мытнага саюза. Беларускія парламентарыі першымі ратыфікавалі пакет міжнародных дагавораў, якія фарміруюць Адзіную эканамічную прастору Беларусі, Казахстана і Расіі.

 

Міжнародная і міжпарламенцкая дзейнасць

 

Нацыянальны сход Рэспублікі Беларусь актыўна ўдзельнічае ў фарміраванні і правядзенні знешнепалітычнага курсу дзяржавы, найважнейшымі прынцыпамі якога з’яўляюцца шматвектарнасць і прыярытэт нацыянальных інтарэсаў пры безумоўным захаванні дзяржаўнага суверэнітэту.

 

Міжнародная дзейнасць Парламента ажыццяўляецца праз разнастайныя формы двухбаковага і шматбаковага супрацоўніцтва з парламентамі замежных дзяржаў, уключаючы абмен візітамі, правядзенне перагавораў з зарубежнымі парламентарыямі, палітыкамі, дыпламатамі, бізнесменамі, грамадскімі дзеячамі, удзел у рабоце міжнародных парламенцкіх арганізацый, развіццё дагаворна-прававой базы міжпарламенцкага супрацоўніцтва.

 

Нацыянальны сход устанавіў двухбаковыя стасункі з парламентамі болей чым 60 краін свету, наладжаны плённыя сувязі з міжнароднай парламенцкай супольнасцю. У Парламенце дзейнічаюць рабочыя групы па супрацоўніцтве з парламентамі замежных дзяржаў, заключаны пагадненні аб супрацоўніцтве з парламентамі такіх краін, як Азербайджан, Арменія, Бахрэйн, В’етнам, Іран, Кітай, Куба, Малдова, Расія, Сірыя, Украіна і інш.

 

Прыкладам сістэмнага ўзаемадзеяння можа служыць работа міжпарламенцкіх камісій па супрацоўніцтве Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь і Нацыянальнага Сходу Рэспублікі Арменія, а таксама Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь і Вярхоўнай Рады Украіны, якія праводзяць свае пасяджэнні на рэгулярнай аснове.

 

Беларускі Парламент актыўна працуе ў розных міжнародных і міжпарламенцкіх структурах. У Нацыянальным сходзе створаны 13 пастаянна дзеючых дэлегацый у такіх арганізацыях.

 

Найважнейшым напрамкам міжнароднага супрацоўніцтва з’яўляецца ўдзел Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь у дзейнасці Парламенцкага Сходу Саюза Беларусі і Расіі, міжпарламенцкіх асамблей СНД і ЕўрАзЭС, Парламенцкай Асамблеі АДКБ.

 

З’яўляючыся паўнапраўным членам гэтых міжнародных арганізацый, беларускі Парламент прымае актыўны ўдзел у распрацоўцы і разглядзе праектаў бюджэту Саюзнай дзяржавы, мадэльных заканадаўчых актаў МПА СНД, тыпавых праектаў МПА ЕўрАзЭС і Асноў заканадаўства ЕўрАзЭС, іншых нарматыўных прававых актаў. За перыяд сваёй дзейнасці Нацыянальны сход удзельнічаў у разглядзе і прыняцці больш чым 300 мадэльных законаў і кодэксаў, падрыхтаваных па лініі гэтых міжнародных арганізацый.

 

Парламент Рэспублікі Беларусь мае паўнапраўнае членства ў такіх аўтарытэтных міжпарламенцкіх арганізацыях, як Міжпарламенцкі саюз, Парламенцкая асамблея Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе, парламенцкая структура Цэнтральнаеўрапейскай ініцыятывы, Міжпарламенцкая асамблея праваслаўя.

 

У 2009 годзе Беларусь на ўрадавым узроўні ўвайшла ў якасці назіральніка ў Савет дзяржаў Балтыйскага мора. Праводзіцца актыўная работа па наладжванні ўзаемадзеяння з Парламенцкай канферэнцыяй Балтыйскага мора.

 

Зраблены крокі ў напрамку аднаўлення статусу «спецыяльна запрошанага» ў Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы. Нацыянальны сход Рэспублікі Беларусь таксама дэманструе адкрытасць да дыялогу з Еўрапейскім парламентам.

 

Важным напрамкам работы беларускіх парламентарыяў з’яўляецца ажыццяўленне кантактаў з такімі міжнароднымі арганізацыямі, як Парламенцкая асамблея Чарнаморскага эканамічнага супрацоўніцтва, Паўночны савет і МПА АСЕАН.

 

Эфектыўным інструментам давядзення пазіцыі Рэспублікі Беларусь па найбольш значных пытаннях міжнароднага парадку дня і развіцця міжпарламенцкага супрацоўніцтва з’яўляецца ўдзел кіраўніцтва беларускага Парламента ў сусветных канферэнцыях кіраўнікоў парламентаў.

 

Ажыццяўленне кантрольных паўнамоцтваў

 

Грунтуючыся на фундаментальных палажэннях Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь аб раздзяленні дзяржаўнай улады на заканадаўчую, выканаўчую і судовую, Парламент актыўна выкарыстоўвае ўвесь спектр форм і сродкаў парламенцкага кантролю, прадугледжаных заканадаўчымі актамі.

 

Парламентарыі штогод зацвярджаюць рэспубліканскі бюджэт і справаздачу аб яго выкананні. Урад рэгулярна прадстаўляе дэпутатам Палаты прадстаўнікоў і членам Савета Рэспублікі інфармацыю аб выніках сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны, аб ходзе выканання дзяржаўных праграм і аб стане спраў у розных сферах эканомікі.

 

Эфектыўным спосабам арганізацыі дыялогу заканадаўчай і выканаўчай галін улады з’яўляецца правядзенне сумесных пасяджэнняў палат Парламента для пытанняў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў і членаў Савета Рэспублікі і адказаў Урада. Такая форма работы дазваляе ўсебакова разглядаць і канструктыўна вырашаць шырокае кола праблем. Сумесная работа з Урадам у гэтым фармаце дае парламентарыям магчымасць уплываць на прыняцце рашэнняў па ключавых напрамках сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны.

 

Актыўна выкарыстоўваецца і такая форма работы, як парламенцкія слуханні, у ходзе якіх разглядаюцца найбольш значныя аспекты жыцця краіны. У іх прымаюць удзел прадстаўнікі Урада, рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання, абласных і раённых выканаўчых камітэтаў і Саветаў дэпутатаў, грамадскіх аб’яднанняў, дыпламаты, міжнародныя эксперты, вучоныя і журналісты.

 

У рамках парламенцкіх слуханняў усебакова абмяркоўваюцца пытанні абароны правоў чалавека, ліквідацыі наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, канцэпцыя прыватызацыі ў Рэспубліцы Беларусь, стратэгія інавацыйнага развіцця эканомікі, шляхі ўдасканальвання сферы адукацыі, фарміравання здаровага ладу жыцця, рэалізацыі дзяржаўнай жыллёвай палітыкі, пытанні жыллёвага крэдытавання насельніцтва і іншыя.

 

Вялікае значэнне ва ўзаемаадносінах з іншымі галінамі ўлады мае і такая форма кантролю, як запыт дэпутата Палаты прадстаўнікоў. Парламентарыі нярэдка звяртаюцца з запытамі да Прэм’ер-міністра, Генеральнага пракурора, Старшыні Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў, іншых службовых асоб.

 

Палата прадстаўнікоў для ажыццяўлення кантролю за канстытуцыйнасцю нарматыўных прававых актаў надзелена правам звароту ў Канстытуцыйны Суд. Прадметам зваротаў з’яўляліся нормы пенсійнага, падатковага, працоўнага, жыллёвага і крымінальнага заканадаўства.

 

Работа дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў у выбарчых акругах

 

Важнай састаўляючай дэпутацкай дзейнасці з’яўляецца работа ў выбарчых акругах. Для сувязі з выбаршчыкамі штомесяц адводзіцца не менш чым трэць рабочага часу дэпутатаў.

 

Сустрэчы з выбаршчыкамі, асабістыя прыёмы грамадзян, узаемадзеянне з мясцовымі выканаўчымі камітэтамі і Саветамі дэпутатаў у вырашэнні канкрэтных праблем грамадзян і рэгіёнаў — прыярытэтныя напрамкі работы парламентарыяў на месцах.

 

Дзейнасць дэпутатаў у акругах шматпланавая і пастаянна трансфармуецца. Найбольшую актуальнасць на месцах набылі разнастайныя формы работы: семінары, круглыя сталы, сустрэчы з актывам прадпрыемстваў, арганізацый і грамадскіх аб’яднанняў, прэс-канферэнцыі. На такіх мерапрыемствах абмяркоўваюцца законапраекты, разглядаюцца найважнейшыя пытанні жыцця рэгіёнаў і насельніцтва.

 

Парламентарыі прымаюць удзел у рабоце сесій мясцовых Саветаў дэпутатаў і пасяджэннях выканкамаў, аказваюць садзейнічанне ў рэалізацыі праграм сацыяльна-эканамічнага развіцця тэрыторый, рэгіянальных праграм. Дэпутаты ажыццяўляюць кантроль і аказваюць дапамогу па будаўніцтве і ўводзе сацыяльна значных аб’ектаў, працуюць у складзе камісій па праверцы дзейнасці прадпрыемстваў і ўстаноў, удзельнічаюць у іншых мерапрыемствах мясцовага ўзроўню.

 

Веданне сітуацыі ў рэгіёнах, прафесіяналізм і палітычная сталасць дазваляюць дэпутатам гібка і аператыўна рэагаваць на эканамічныя праблемы асобных прадпрыемстваў. Шляхі іх вырашэння абмяркоўваюцца на сустрэчах з кіраўніцтвам выканкамаў, членамі Урада. Пры садзейнічанні дэпутатаў завершана будаўніцтва некаторых замарожаных аб’ектаў, вырашаны многія фінансавыя і вытворчыя праблемы прадпрыемстваў, а таксама шэраг сацыяльных пытанняў.

 

 


Назад | У пачатак
© 2017 Палата прадстаўнiкоў Нацыянальнага сходу Рэспублiкi Беларусь. E-mail:admin@house.gov.by
Распрацавана НТЦ "АТЛАС". Тэхналогiя MySITE.